ІВА́ШКА МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк,
герой усх.-слав. чарадзейных казак пра юнака-асілка, пра тры падземныя царствы і інш.
Нараджаецца ад мядзведзя, валодае магутнай сілаю, яшчэ большай, чым яго памочнікі Вярнідуб і Вярнігара. Падобны вобраз (ідзе ад міфаў і легенд) ёсць у казках многіх краін. Зах.-еўрап. казкі пра Мядзведжага сына часткова далучаюцца да анекдотаў пра дурных чарцей. Большасці ўсх.-слав. казак гэтага тыпу характэрна сац.-сатыр. накіраванасць: асілак звычайна сутыкаецца і распраўляецца з панам, папом або царом (асабліва выяўляецца ў бел. і ўкр. варыянтах). У бел. казках пра Мядзведжае вушка вобраз героя пад уплывам традыц. легенд пра асілкаў набывае нярэдка фантаст. рысы волата.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 43—52.
Л.Р.Бараг.
т. 7, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)